СНЕТАГО́РСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік архітэктуры 14—19 ст. за 3 км ад г. Пскоў (Расія) каля р. Вялікая на Снетнай гары (адсюль назва). Манастыр упершыню згадваецца ў 1299. Меў зямельныя ўгоддзі, рыбныя промыслы. Манастыр быў добра ўмацаваны. На яго неаднаразова нападалі лівонскія рыцары, польскія і шведскія атрады. З 1804 архірэйскі дом. Пасля 1917 скасаваны. Найб. стараж. пабудова С.м. — мураваны сабор Раства Багародзіцы (1310). У яго інтэр’еры захаваліся фрэскі 1313, выкананыя сербскімі мастакамі. Крыты цвінтар быў упрыгожаны кафляй. У комплекс таксама ўваходзяць каменныя трапезная палата (пач. 16 ст.) са стоўпападобнай царквой (1519), 8-гранная шатровая царква «пад званы» (усе 16 ст.). Уваход на тэр. манастыра цераз мураваную браму (17 ст.). У 19 ст. комплекс абнесены мураванай агароджай.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 15, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)